вытворчасць дрэваапрацоўчай прамысловасці па вырабе піламатэрыялаў (дошкі, брусы, шпалы) з бярвён. Дадатковая прадукцыя — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Перапрацоўка бярвён ажыццяўляецца на лесапільных з-дах, якія ўключаюць лесапільныя, сушыльныя, дапаможныя цэхі, склады сыравіны і піламатэрыялаў. На складах праводзіцца выгрузка бярвён, сартаванне, укладка ў штабелі для зімовага захоўвання, акорванне і падача ў лесапільны цэх для распілоўкі. На гэтых работах выкарыстоўваюцца крану (кабельныя, казловыя, вежавыя), ланцуговыя і тросавыя транспарцёры, лябёдкі, бярвёнацягалкі і інш. У лесапільным цэху падоўжнае распілоўванне бярвён і брусоў робяць на стужка- і круглапільных станках, лесапільных рамах. Кавалкавыя адходы перапрацоўваюць на тэхнал. трэскі рубільнымі машынамі. Піламатэрыялы сартуюць, укладваюць у пакеты і адвозяць на склад для атм. сушкі або ў сушыльны цэх для камернай сушкі. Таварныя піламатэрыялы канчаткова сартуюць, тарцуюць, укладваюць у шчыльныя трансп. пакеты і адгружаюць спажыўцу. Выхад піламатэрыялаў з бярвён складае ў сярэднім 60—65%. На Беларусі Л.в. развіта вельмі шырока: на буйных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам», на большасці прадпрыемстваў як дапаможныя лесапільныя цэхі, у калгасах, саўгасах і інш. гаспадарках. 24 лесапільныя прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» вырабілі 467,8 тыс.м3 піламатэрыялаў (1998), у т.л. «Мастоўдрэў» 56,4 тыс., «Мазырдрэў» 49,5 тыс., «Фандок» 48,1 тыс., «Лунінецлес» 46,6 тыс., «Віцебскдрэў» 34,5 тыс., «Гомельдрэў» 32,2 тыс., «Пінскдрэў» 27 тыс., «Івацэвічдрэў» 22,8 тыс., «Магілёўлес» 28,8 тыс., «Магілёўдрэў» 20,1 тыс.м3 і інш.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесапільная вытворчасць. Лесапільны цэх у вытворчым аб’яднанні «Гомельдрэў».